Кафедра педагогики

Новости

berezka 6 2015

Гісторыя сведчыць, што старажытныя грэкі ўпрыгожвалі свае балі і цырымоніі фарбаванымі шарамі, напоўненымі паветрам. Іх выраблялі з жывёльных вантроб. А першыя гумавыя шарыкі з’явіліся ў 1824 годзе ў Лондане. Іх зрабіў прафесар Каралеўскага ўніверсітэта Майкл Фарадэй для сваіх эксперыментаў з вадародам. Ён даследаваў эластычныя якасці каўчуку і зрабіў з яго дзве «аладкі». Каб тыя аладкі не зліпаліся, прафесар перасыпаў іх мукой, а ліпкія краі склеіў пальцамі. У выніку ў прафесара атрымаўся гумавы «мяшэчак», і калі ён паспрабаваў напоўніць яго геліем, мяшэчак надзьмуўся і ўзляцеў, бо гелій лягчэй, чым паветра!

Гелій — адзін з самых распаўсюджаных элементаў у Сусвеце, другі пасля вадароду. Абазначаецца сімвалам Не (ад лацінскага Helium). Не мае колеру, смаку, паху, нетаксічны.

Хімія з гісторыяй і геаграфіяй + працоўнае навучанне і школьнае свята = “Табе навука” + “Перапынак” + Х. Знайдзі значэнне пераменнай падчас чытання! 

***

Карчма — сапраўды зачараванае месца. Сюды ідзе мужык, калі ў кішэні звіняць медзякі, і сюды ж сунецца, калі там гуляе вецер. Папераменна з адчыненых дзвярэй можна пачуць смех, песні, сваркі, гукі вясёлых танцаў, а то і вэрхал бойкі. Нязвыклы чалавек спачатку доўга не асмельваецца зайсці ў таямнічы паўзмрок карчомкі, але на самай справе нічога страшнага там няма. Зацісніце мацней пад пахай вузел з грашыма — і можаце пераступаць парог. Пакуль у вас ёсць грошы — вы будзеце лепшым сябрам карчмара і паловы заўсёднікаў, гатовых прапанаваць розныя прысмакі і вясёлую бяседу. Канешне, толькі за ваш кошт. Таму, калі вы не хочаце потым хапацца за галаву і падлічваць растраты, лепш прыпыніцца побач з вогнішчам пастуха ці дрывасека. Іх пачастунак будзе небагатым, але шчырым. 

Рубрыка “Бел.літ.” прапануе абуць новыя лапці і прайсціся сцежкамі “Кургана”, “Адвечнай песні” ды “Сымона-музыкі” не як прыйдзецца, а з усімі прыпынкамі. Цікавыя прыгоды і захапляльныя сустрэчы — гарантуюцца! 

***

Што рабіць, калі замест доўгачаканага мора і крымскага сонца атрымліваеш дзевяноста дзён беларускага лета, капрызлівага і сумнага: сяброўкі і сябры раз’ехаліся адразу пасля лінейкі, хто да бабулі ў вёску, хто на заморскія курорты, хто ў санаторыі. Што застаецца, калі бабулі ў вёсцы няма, пуцёўкі ў санаторыі даўно раскуплены, а працаўладкоўвацца позна? Наша гераіня паплёскалася колькі дзён у Нёмане. Прагулялася па парку. Напісала колькі акварэлек. Прайшлася па крамах. І засумавала.

— Ах, сумна табе! — абурылася шкодная вучылка. — А як наконт паўтарыць трыганаметрычныя функцыі? І з геаметрыяй жа ў нас праблема! Праз два гады паступаць, а матэматыка катэгарычна кульгае. Вылучы на царыцу навук дзве гадзіны на дзень, будзь ласкавая! Калі што — тэлефануй, дзеля такой справы я прыеду з лецішча і пазаймаюся з табой месяц.

Што параяць нашай гераіні астатнія ўдзельнікі праекта “Сітуацыя плюс”? Чытай ў № 6 “Бярозкі”. 

***

— Я скраў грошы ў мамы. Кашалёк, у якім было пяць з нечым рублёў. Але не для сябе. Я хацеў купіць машынку стрыечнаму брату. Прынёс кашалёк у дзіцячы садок, паказаў аднагрупнікам, выхавацельніца заўважыла і данесла маме. Была сур’ёзная размова. Памятаю, каля пад’езда сядзела бабуля-суседка, і мама ёй расказала. Было жудасна сорамна, скрозь зямлю хацелася праваліцца. Гэта быў адзіны раз, калі я штосьці скраў. 

Што яшчэ памятае з дзяцінства “культурны хуліган” Саша Нэма? Адказы ў рубрыцы “Гісторыя поспеху”. 

***

Адзін стары араб пакінуў тром сынам сямнаццаць вярблюдаў. Старэйшаму сыну ён завяшчаў палову ўсіх вярблюдаў, сярэдняму – трэцюю частку, малодшаму – дзевятую частку.

Пачалі сыны дзяліць вярблюдаў — і ніяк падзяліць не могуць! Не дзеліцца 17 ні на 2, ні на 3, ні на 9! Пачалі сыны спрачацца, ледзьве справа ў іх не дайшла да бойкі. Добра, што ў гэты час праязджаў міма на вярблюдзе адзін мудры дэрвіш. Звярнуліся да яго браты, расказалі аб сваёй бядзе. Падумаў дэрвіш і сказаў:

- Так і быць, вазьміце майго вярблюда і тады ў вас стане іх 18. І на 2, і на 3, і на 9 гэта лічба дзеліцца.

Узрадваліся браты, пачалі дзяліць 18 вярблюдаў. Старэйшы брат узяў палову, сярэдні — трэцюю частку, малодшы – дзевятую.

І чамусьці застаўся ў іх адзін “лішні” вярблюд, той самы, якога і прапанаваў братам мудры дэрвіш. Усміхнуўся ён, сеў зноўку на свайго вярблюда і паехаў сабе далей.

Калі не верыце, што менавіта так і павінна было атрымацца, то не паляніцеся: падзяліце, складзіце… і ў вас таксама атрымаецца “лішні” вярблюд. 

Выбрать стиль

12 цветов

Календарь